Найбольш вядомы, можна сказаць, архетыпічны звычай узаемадапамогі – талака. Нават у сучаснай мове слова не забылася: "Талака" называлася адна з першых беларускіх краўдфандынгавых платформ. "Рабіць талакой" – значыць дзейнічаць разам, вялікай колькасцю людзей. "Без талакі – як без рукі" – так народ вобразна характарызуе значнасць і неабходнасць калектыўнай узаемадапамогі.
Звычайна "на талаку" запрашалі на адзін дзень ("да вечару") сваякоў, суседзяў, аднавяскоўцаў для працаёмкай ці тэрміновай работы, якая патрабавала шмат работнікаў і цяглавай сілы.
Талакой маглі будаваць хату ("здымкі" – перакладка зрубу, "печабіцце" – прывоз, падрыхтоўка і ўкладка гліны для печы), касіць сена, дасяваць ("дасеўкі") ці жаць ("дажынкі") жыта, прасці, выбіраць бульбу ("дакопкі") ці лён ("дарыўкі"), шынкаваць капусту для закваскі ("капусткі"), вывозіць лес, гной на поле, скубаць пер'е на падушкі, мяць сукно.
У Беларусі і Украіне існавала так званая "супрага" – талака пры апрацоўцы зямлі плугам, калі сяляне аб'ядноўвалі валоў і вупраж і па чарзе працавалі на кожным надзеле.
Як бачым, сярод відаў талакі ёсць працы, якія маглі выконвацца і сіламі адной сям'і. Грамада дапамагала найперш пагарэльцам, сем'ям, дзе хварэў ці адсутнічаў адзін з чальцоў: удовам, салдаткам (жанчынам, мужы якіх пайшлі служыць у армію), а таксама бедным гаспадарам, якія не мелі ўласных коней.
Былі і выпадкі талочнай працы на супрадках. У Паўночнай Беларусі расказвалі: "Супрадкі – гэта гаспадару прасці, калі ў яго шэрсці шмат, а жанчын мала"; "вось хадзілі так на супрадку гэту: трэба дапамагчы, трэба папрасці, жанчына адна не можа спрасці, а ў яе сям'я, дзеці малыя, трэба ткаць сукно… А мы прадом, прадом, напрадомся, ажно п'яныя. Мы ж па волі бывалі тады – не так, што нас прымушалі працаваць".
Талаку магла склікаць і звычайная сям'я, калі надвор'е прымушала хутчэй скончыць нейкую работу, а працоўных рук не хапала. Маглі быць працы, якія грамада рабіла па чарзе для кожнага гаспадара: "Бывала, складываюцца. Сёння табе вывезуць навоз, заўтра – мне. Вось так па парадку ўсім".
Талака звычайна ўключала рытуальнае запрашэнне на яе, уласна працу і застолле. Сустракаліся таксама дзеянні, якія павінны былі магічна спрыяць ураджаю, плоднасці і дабрабыту: пляценне вянка, абліванне вадой, качанне ці кулянне па зямлі, снапах, пасевах. Па назіраннях этнографаў пачатку ХХ стагоддзя, частаванне пасля талакі магло быць ужо і не абавязковым, толькі ў гаспадароў узнікаў абавязак "адрабіць" на талацэ ў тых, каго яны запрашалі.
Па няпісаным маральным законе той, хто атрымаў дапамогу, пры неабходнасці павінны быў адказаць тым жа (адна з назваў талакі – "адробка"). Звычай патрабаваў не адмаўляцца ад запрашэння на талаку, бо ў адваротным выпадку той, хто адмовіў, мог не атрымаць дапамогі сам. У народнай свядомасці запрашэнне на талаку ўспрымалася як гонар і пашана. Тых, хто працаваў на талацэ, шчодра частавалі. Праўда, прыйсці пачаставацца на талочнае застолле мог любы аднавясковец. І прагнаць яго гаспадары не мелі права.
Талакой часам будавалі грамадска значныя аб'екты: млыны, масты, запруды; капалі сажалкі і калодзежы.
Іван Мележ у рамане "Людзі на балоце" апісвае калектыўную будоўлю грэблі (насцілу, які дазваляў ездзіць па балоце) і гэта, фактычна, таксама талака. На "вялікую талаку" запрашалі таксама зацікаўленых жыхароў суседніх вёсак ці воласці. Падчас прыродных катаклізмаў, пажараў, людзі таксама ратавалі сваю маёмасць разам, грамадой.