“Дасканаласьць і унівэрсалізм кнігі «Адвечным шляхам» – выключнай і ў беларускай літаратуры, і ў даробку самога Ігната Абдзіраловіча, – наводзяць на думку калі не пра містыфікацыю, дык, прынамсі, пра таямніцу стварэння гэтага эсэ, пра неадказальную загадку, якой будзе задавацца, бадай, ўжо наступнае пакаленне чытачоў”, – піша ў прадмове да чарговага перавыдання твора Абдзіраловіча Сяргей Дубавец.
Прынамсі гэта тлумачыць, чаму эсэ Ігната Абдзіраловіча «Адвечным шляхам» – пасьля прыжыцьцёвае віленскае кніжкі 1921 года наступным разам было апублікаванае ў 1989-м самвыдавецкай «Супольнасьцю», а ў 1990-м ўключана ў зборнік «Вобраз-90».
“Кніга, якая ўвесь савецкі час праляжала ў спэцсховах, прабівае сабе шлях у друк прыватна і паўафіцыйна, наўзбоч ад шырокіх дзяржаўных праграм. Эсэ, якое сёння яшчэ знаходзіцца на пэрыфэрыі грамадзкай, літаратурнай і філасофскай думкі, не выклікае вялікае цікавасьці мэтраў сённяшняга літаратуразнаўства, што зусім беспадстаўна спісалі яго ў «рамантызм”, - піша Дубавец.
Але ці гэта справядліва? І ці можна лічыць Абзіраловіча летуценнікам, які ня бачыць і не разумее рэчаіснасці і марыць аб нечым недасягальным? Лета і восень 2020 год выразна паказалі, што не, крытыкі Абдзіраловіча ня мелі рацыю: Беларусі наканаваны свой асаблівы шлях, у якім беларусы могуць і павінны змагацца супраць асіміліяцыі як з Захадам, так і з Усходам, а таксама маюць, хай і не вялікі, але шанец пазбегнуць унутранага крывавага супрацьстаяння.
Беларусы – гэта ня рускія са знакам якасці, як сказаў былы беларускі прэзідэнт. Беларусы – асобны народ, якому наканаваны асобны лёс. Беларусы – стваральнікі, сузідальнікі, творчыя і крэатыўныя суседзі, якія гатовыя дапамагаць адзін аднаму, гатовыя разам працаваць, адпачываць, марыць і рэалізоўваць гэтыя мары.
“Зараз, калі набліжаецца вялікі крызыс датыхчасовых ідэалаў, калі ўся «культура» знаходзіцца ў небясьпецы і гатова разваліцца ў руіны, беларускі народ – як быццам зьнімаюць з яго векавыя ланцугі – прабуджаецца да жыцьця, да шуканьня новых ідэалаў, да стварэньня новых падставаў чалавечага жыцьця”, – піша Абдзіраловіч у сваім эсе “Адвечным шляхам”.
І гэта выразна прадэманстраваў нам 2020 год. Так, гэта праўда, што мы мала маем, гэта – праўда, што мы шукалі па чужых дарогах і, не знайшоўшы, або здрадзілі Бацькаўшчыне і шлі да чужынцаў, або вагаліся паміж варожымі кірункамі.
“Але зараз прыходзяць часы, калі багач зрабіўся бедаком і пойдзе на вялікі шлях шукаць з намі, гаротнымі, новага багацьця, новага чалавечага ідэалу. А з глыбіні вякоў пазірае на нас Скарына, такі ж вагаўшыйся, шукаючы, і, жадаючы нас, кажа: «Над зімнымі хвалямі Дзьвіны я быў візантыйцам – Юрым, а ў Кракаве, куды мяне пацягнула за эўрапэйскаю ведай, – лацінікам Францішкам. А дапраўды, я ня быў ні Юрым, ні Францішкам, а быў вольным, незалежным духам, якога вы шукаеце, духам агульначалавечым толькі ў беларускай скуры. Шукайце ж!»
На думку Абдзіраловіча, беларусы вякамі стаялі на раздарожжы: адзін шлях кіраваўся на захад, другі на ўсход; так нашыя сьцежкі, пачынаючыся разам, разыходзіліся ў розныя, праціўныя бакі. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо мір, як асобы, так і грамадзянства, “ня звязаны нейкім аб'яднаньнем”.
«Мы, беларусы, вагаліся паміж двума культурнымі тыпамі, ня ведаючы, да якога прылучыцца. Нам падабалася ўсходняя прастата, шчырасьць, адпаведнасьць выгляду нутранай сутнасьці, якія вызначаюць чалавека Ўсходу. Калі ён добры да каго, дык можа палажыць за яго сваю душу; калі ён кажа, што любіць, дык ня зробіць ніякае прыкрасьці…
… Мы прыкмецілі, што апрача маны карыснай можа быць і ёсьць яшчэ мана сьвятая. Ня толькі дзеля карысьці і з прычыны нізкіх пабуджэньняў нельга называць сваіх ворагаў – ворагамі, а з прычыны грунтоўнай нявыразнасьці жыцьця, калі часта самыя простыя рэчы трудна назваць іх уласнымі іменьнямі… Тое, што Захад уцяміў гэтую праўду, нам вельмі спадабалася і было вельмі прынадна. Заходняе цьвярозае пачуцьцё здавалася нам зусім адпаведным да сапраўдных абставін жыцьця. З гэтага пачуцьця выплывае заходня-эўрапэйская цярпімасьць да розных кірункаў людзкай думкі і яе праяваў, з гэтага вынікае і тое вельмі прыемнае асабістае захаваньне заходняга эўрапэйца, якое сваей далікатнасьцю так ад'значае яго ад простага і грубога Ўсходу».
Беларусы, шукаючы іншых шляхоў, гублялі сваю ідэнтычнасць, але, на думку Абдзіраловіча, шукаць трэба было ня звонку, а ўнутры, ствараць асобную паўнавартасную і жыццяздольную форму жыцця з дапамогай свайго творчага патэнцыялу. І гэта гучыць няйнакш як прароцтва. Бо летам 2020 года беларусы як раз ажыццявілі гэты наказ Ігната Абдзіраловіча. І тады, калі выходзілі на акцыі салідарнасці з кветкамі і крэатыўнымі плакатамі, і тады, калі арганізоўвалі дваравыя імпрэзы, бліскучыя канцэрты і лекцыі, і тады, калі за лічаныя гадзіны збіралі дапамогу пацярпелым. Гэта ўсё выглядала не як сум па нечым страчаным і ня знойдзеным, а як шлях, па якім ідуць без прымусу. Шлях грамадзяніна, шлях творцы, шлях натхнення.
Толькі за гэты шлях, толькі за гэты рух можна казаць, што беларусы ўжо перамаглі, яны літаральна падштурхнулі ўбок тэктанічную пліту, якая вякамі скоўвала краіну, яны стварылі ўнікальныя сувязі паміжно рознымі групамі грамадства. Што важна – сувязі гарызантальныя, а не вертыкальныя, як гэта было прынята раней.
Яны наноў нарадзілі беларускую талаку. Агульную творчую свабодную прастору, якая дапамагае, арганізуе, развівае. Тэхналагічную, месцамі лічбавую, незвычайна сучасную, але вельмі традыцыйную ў сваёй аснове. Вельмі блізкую беларусам па духу.
Талаку, якой не да спадобы не ціск, не гвалт. Адмова ад гвалту – ключавы момант маніфеста Ігната Абдзіраловіча. Падкрэслены негвалтоўны характар беларускіх пратэстаў – стаў ягонай візітоўкай і, адначасова, падставаю пакпіць над “мягкацелымі” жыхарамі краіны, якія дораць кветкі гвалтаўнікам замест таго, каб ісці і руйнаваць. Але ў канцэпце Абдзіраловіча так і толькі так беларусы знойдуць свой шлях развіцця. Бо беларускае Адраджэнне проста ня можа быць рэалізаванае праз гвалт да іншых.
“Формы жыцьця нам не накідаюцца, мы самі творым іх, мы самі, ў часе патрэбы, надзявалі нашы ланцугі, але тады яны былі неабходнымі: стварылі сямью, гаспадарства, суд, касьцёл, партыю; гэта стварылі мы самі; шмат чаго ўжо сьціскае, душыць нашу вольнасьць, але створаныя формы маюць сілу вялікай жыцьцёвасьці. Заместа таго, каб служыць чалавеку ў яго жыцьцёвых патрэбах, форма сядае яму на шыю, пачынае кіраваць чалавекам, заціскаючы сваей уладай праўдзівае чалавечае жыцьцё….
Цяпер жа невялікія кучкі буржуазіі, шляхэцтва ці палітычных бадзякаў напінаюць горла ад каханьня да бацькаўшчыны. Справа ў тым, што форма сучаснага гаспадарства з яго паліцыяй, прымусам і турмамі запяўняе ўдачу іх цёмных справаў, і пратэст проціў вяльможнага машэнства раўняецца да здрады бацькаўшчыны і бяз літасьці караецца. У парывах соцыяльнага натхненьня родзяцца палітычныя партыі, а праз колькі гадоў, бачыш, жменька здольных хлапцоў круціць чалавечыя галовы, а разам не запамінае і аб сваёй кішэні”.
Таму “сапраўднай падставай жыцця”, на думку Абдзіраловіча можа быць толькі творчасьць. “Творчасьць на кожным кроку: у штодзеннай працы, ў сямейных адносінах, ў грамадзянскім руху. Толькі тады жыцьця ня будзе сьціскаць форма і чалавек здаволіць сваё прыроднае імкненьне быць тварцом. Цяпер жыцьцё поўна нядолі, бо мы ня ўмеем быць творцамі. Мы робім з нашага жыцьця нямілую ні сабе, ні каму іншаму турму, і нярухомы, нятворчы дух пануе ў нашай панурай штодзеннасьці. Нятворчыя рабы, мы лёгка схіляемся прад кожным ідалам-формай. Толькі невялічкая частка людзей хочуць быць сапраўднымі творцамі, ды заказаны ім творчыя шляхі ў абшары грамадзянскай і асабістай штодзеннасьці, і ўся іх творчая энэргія кіруецца ў вольныя даліны мастацтва і навукі”.
Пры гэтым Абдзіраловіч падкрэслівае, што сацыяльная творчаць часцяком маніпалізуецца, штучна затрымліваецца тымі, хто трымае ўладу, а яшчэ вымагае пэўных вонкавых умоваў, спрыяючых абставін. Як раз такіх, якія былі ў беларусаў у 2020 годзе.
Менавіта ў гэты час беларусы не адчувалі чужынскага прымусу, былі палітычна незалежнымі, а па сутнасці на пэўны час мелі магчымасць быць сабою. І беларуская палітычная думка пачала працаваць у кірунку грамаддзянскай творчасці. Так, яна часам выглядала занадта рамантычнай, занадтна шчырай і нават утапічнай, але не была прымусовай і абмежавайнай ніякай ідэалогіяў, акрамя ідэі свабоды і негвалтоўнасці.
“Няхай сучасная палітычна-грамадзянская дзейнасьць – банкрут, няхай найбольш пашыраныя сьветагляды не развязваюць найбольш канечных жыцьцёвых пытаньняў, а выхад ёсьць, быў адвеку, мігаціць адвечны веснавы прасьвет: ён у сталай творчасьці бязупыннай, бязустаннай. Ні прымусовае гаспадарства, ні сучасныя палітычныя партыі, пачынаючы ад чырвона-соцыялістычных і канчаючы чорна-клерыкальнымі, якія лятуцяць аб захапленьні ўлады і аб бязьлітаснай дыктатуры, ня выхаваюць творчага чалавека. Будучына іх – духовая сьмерць…
…Пеўна, што выпрашэньне будучыны – ў зьніштажэньні прымусу, ў аб'яднаньні ўсяго грамадзянства для здаваленьня яго патрэб у такія грамады, якія падобны да сучасных каапэратываў. Кожны павінен быць вольны ў сваіх жаданьнях. Ніякіх прымусовых ахвяр, ніякіх багоў не павінна быць. Вытвар, гандаль, прасьвета, гаспадарчыя патрэбы здаваляюцца вольнымі аб'яднаньнямі спажыўцоў і вытварцоў”.
“Трэба шукаць на другіх шляхох”, - піша Абдзіраловіч.
І шляхі гэтыя – у неабходнасці ствараць новыя сацыяльныя аб’яднанні, у якіх “гарманізавалася б магчымасьць істнаваньня вольнай незалежнай адзінкі асобы і плоднай соцыяльнай паступовай працы, не затрыманай прагавітым эгоізмам адзінкі”.
“Незалежная творчая адзінка ў творчым, няўзьдзержным адзіначным эгоізмам хаўрусе – ідэал будучыны. Ён быў часткай зьдзейсьнены ў прошласьці, ў малой долі ёсьць і цяпер”.
Формай такога аб’ядання аўтар маніфесту “Адвечным шляхам” бачыць кааперацыю. Кааперацыю, якая кіруецца жыццёвымі выклікамі, а не нейкай штучна створанай ідэалогіяй. Каапэрацыя ня кажа: «Я маю гатовую праўду: прыходзь і бяры», яна толькі кажа: «Твары, творачы – руйнуем». Ў каапэрацыі няма гатовых шаблёнаў, штампаў на кожны выпадак жыцьця; калі такія штампы зьяўляюцца, жыцьцё іх выкідае вельмі лёгка, без рэвалюцыяў, за вакно.
Ў сваім аб'яднаньні асоб каапэрацыя не застаецца абавязковай, падкрэслівае Ігнат Абдзіраловіч: “Калі табе па дарозе, ідзі разам, а не – ідзі, куды хочаш. Жыцьцё такое вялікае і яшчэ незразумелае, што ня можа быць штампаваных, для ўсіх абавязковых, шляхоў”.
Зразумела, што каапэрацыя ня мае гатовых рэцэптаў палепшання жыцьця.
“Маючы вялікія эканамічныя заданьні, яна ведае, што сваймі каапэратывамі не замесьціць усяго гандлю і вытвару. Калі ёсьць незразумелыя тэорэтыкі (Шарль Жыд), што кажуць, быццам каапэрацыя захопіць усю эканамічную справу ў свае рукі, дык сапраўдная каапэрацыя адказвае яму: «Дурны хлопец, ці можна жыцьцю прадмаўляць гатовыя шляхі».