Соmmons азначае кіраванне рэсурсамі з прыцэлам на будучыню, на іх захаванне. Соmmons дазваляе лакалізаваць эканоміку, што важна для барацьбы з перавыдаткаваннем рэсурсаў, а таксама са змяненнем клімату. Новыя палітычныя практыкі, адкрытыя ў Соmmons, прадугледжваюць высокі ўзровень палітычнай культуры, які грунтуецца на ўменні дамаўляцца, інклюзіўнасці, негвалтоўнасці.
Калі ж паглядзець на гэта з пункту гледжання захавання прыродных рэсурсаў, то людзі, якія маюць адчуванне, што агульны набытак – гэта ў тым ліку і твой набытак, з куды большай верагоднасцю будуць больш абачліва ставіцца да рэсурсаў.
Возьмем, да прыкладу, лес, якім яны карыстаюцца для розных мэт: для адпачынку, для збору грыбоў−ягад, для атрымання драўніны, калі яна ім спатрэбіцца. І яны разумеюць, што калі яны высекуць увесь лес, у іх нічога не застанецца. І гэта іх рашэнне, іх адказнасць.
А калі ж гэты лес належыць дзяржаве, ёсць верагоднасць, што аднойчы прымуць указ аб тым, што дзяржаве трэба шмат драўніны, і ўвесь лес высекуць ушчэнт. Або калі гэты лес належыць прыватнай кампаніі, якая абмяжуе доступ у гэты лес ці зусім яго закрые.
І ў залежнасці, вядома, ад маральных асноў ёсць вялікая верагоднасць, што безадказныя людзі будуць яго патроху красці, наўрад ці будуць берагчы. У любым выпадку ў людзей будзе іншае стаўленне, чым калі яны разумеюць, што гэта іх агульная ўласнасць, калі яны разам дамовіліся аб правілах карыстання.
Хутчэй за ўсё ў лесе, што знаходзіцца ў супольным валоданні, будзе куды менш смецця, чым у сітуацыі, калі хтосьці іншы адказны за гэтую тэрыторыю, за яе прыбіранне. З пункту гледжання аховы навакольнага асяроддзя і захавання экасістэмы для будучых пакаленняў я бачу ў Сommons вялікую перавагу над іншымі спосабамі кіравання.