ЗАМЕЖНЫ ДОСВЕД: ВАРШАВА, ЭЛЕКТРАСТАНЦЫЯ POWISLE
Электрастанцыя Powisle пабудавана ў 1904 г. На той час гэта была адна з найбольшых і тэхнічна прасунутых электрастанцый на тэрыторыі Польшчы. У міжваенны час яна актыўна разбудоўвалася. Тут прадукавалі электрычнасць да 2001 г.

У 2015-м знайшоўся інвестар, а ў 2020-м ужо працаваў гандлёва-забаўляльны комплекс, які захаваў старую назву: Elektrownia Powisle.
Як зрабіць з электрастанцыі ХІХ – пачатку ХХ ст. пабудовы сучасны шматфункцыянальны комплекс?
Падчас рэнавацыі карысталіся старымі метадамі вырабу цэглы.
Імкнуліся захаваць таксама тэхніку, якая працавала на электрастанцыі: некаторыя машыны аздобілі інтэр'ер гандлёва-забаўляльнага цэнтра. Скульптуры ў стылі стымпанк таксама адсылаюць да індустрыяльнага мінулага будынка.
Цяпер Elektrownia Powisle складаецца з крам, рэстаранаў, фудкорту, зоны прыгажосці са шматлікімі салонамі. Тут часта праходзяць мерапрыемствы з увагай да стану навакольнага асяроддзя: кірмашы экалагічнай касметыкі ці старых рэчаў, якія чакаюць новых гаспадароў.
Недалёка знаходзіцца папулярны музей, цэнтр навукі Капернік. Можна сказаць, што разам яны ўтвараюць забаўляльны кластэр, бо наведваючы адну ўстанову складана не заўважыць другую.

Такая рэнавацыя індустрыяльных будынкаў, пераасэнсаванне архітэктурнай спадчыны для новых мэтаў трапляе ў агульнапольскі і агульнаеўрапейскі трэнд. Узгадваюцца падобныя праекты ў Мінску: вуліца Кастрычніцкая, завод "Гарызонт", квартал К21, хлебазавод на вуліцы Ракаўскай.
Фотагалерэя старонкі
Тут вы можаце павялічыць фота і пабачыць больш фотаздымкаў, якіх не было вышэй