ЗАМЕЖНЫ ДОСВЕД: З ГІСТОРЫІ ЛОДЗІ
Калі кажуць аб былых прамысловых гарадах, якія шукаюць сваё новае аблічча, то ў першую чаргу згадваюць амерыканскі Дэтройт.

У нашай краіне таксама шмат падобных мясцін, хоць і меншых па памеры і маштабе пазнавальнасці: звычайна гэта монагарады, у якіх зачынілася вядучае прадпрыемства. Бліжэй за Амерыку да нас – польская Лодзь, чый вопыт рэбрэндынгу можа прыдацца ў новай Беларусі.
Лодзь – польскі Дэтройт?
Лодзь – цэнтр ваяводства (аналаг беларускай вобласці) на паўднёвы захад ад Варшавы. Да сталіцы ехаць гадзіну цягніком.
Цяпер у Лодзі жыве каля 668 тысяч чалавек. Найбольшым насельніцтва горада было ў 1988 г. (854 тысяч) – не такі драматычны спад, як у Дэтройце (у 1950 г. 1,8 мільёнаў, у 2020 г. утрая менш), але ўсё ж значны.
Пасля дэмантацыі прасавецкага рэжыму ў Польшчы зачынілі некаторыя прадпрыемствы, у тым ліку большасць лодзкіх тэкстыльных фабрык. А на іх працавала значная частка жыхароў горада.
Затое цяпер кожны дзясяты ладзянін – студэнт (часта прыезжы), а ў будынках былых фабрык па ўсім горадзе чаго толькі няма: гандлёвыя цэнтры, кавярні, культурніцкія прасторы, жылыя кварталы…

У 1820 г. быў падпісаны дакумент аб наданні Лодзі статусу асяродка ткацкай і суконнай прамысловасці Каралеўства Польскага (фармальна незалежнае дзяржаўнае ўтварэнне, фактычна падпарадкаванае Расійскай імперыі). Тады ў населеным пункце было ўсяго 800 жыхароў.
Пасля будаўніцтва фабрык у Лодзь з'язджаюцца прафесійныя ткачы і нізкакваліфікаваныя рабочыя. Горад імкліва расце. Паўстае яго новая частка, дзе віруе жыццё. Гістарычны цэнтр (старая рынкавая плошча) паступова страчвае сваё значэнне.
У 1830-х гг. «Белая фабрыка» Людвіка Геера была найбольшым прамысловым прадпрыемствам ва ўсім Каралеўстве Польскім. З 1959 г. тут месціцца музейны комплекс.

Можна даведацца, як выглядала гэта тэкстыльнае прадпрыемства ў розны час.
Каля будынка фабрыкі дзейнічае музей драўлянай архітэктуры. Інтэр'еры дамкоў паказваюць побыт рабочых у XIX-ХХ ст.ст.

Заходзячы, нібы заспяваеш жытло, толькі што пакінутае гаспадарамі: вось хтосьці лускаў арэшкі, а тут ціснуў часнык.
Сукенкі гаспадыні дасталі з шафы, а дзеці не прыбралі падручнікі, робячы хатняе заданне.
У экспазіцыі, прысвечанай эпосе Польскай народнай рэспублікі, можна пабачыць нават лядоўню Minsk і бутэльку Савецкага шампанскага.
У музей перанесены таксама драўляны касцёл, летняя віла заможнага гараджаніна і трамвайная станцыя.
Фабрыкі Карла Шэйблера разам з дамкамі для рабочых і палацамі гаспадара ў сярэдзіне ХІХ ст. займалі 500 гектараў (на той час – 14 % тэрыторыі Лодзі). Гэта быў фактычна горад у горадзе са сваімі крамамі, школай, тэатрам, бібліятэкай, электрастанцыяй, рамеснымі майстэрнямі.
Сёння частка прамысловых будынкаў перароблена ў жылыя комплексы з развітай інфраструктурай. Дамкі для рабочых (квартал Ксенжы млын) ператварыліся ў элітнае жытло і аб'екты інфраструктуры.
Гэта быў фактычна горад у горадзе са сваімі крамамі, школай, тэатрам, бібліятэкай, электрастанцыяй, рамеснымі майстэрнямі.

Частка будынкаў прамысловай імперыі Шэйблера занятая лодзкай спецыяльнай эканамічнай зонай, а частка яшчэ чакае рэвіталізацыі.
Лодзь імкліва развівалася ў другой палове ХІХ ст. Гэтаму спрыяла скасаванне мытных плацяжоў між Каралеўствам Польскім і Расійскай імперыяй, вызваленне прыгонных сялян і наплыў іх у прамысловыя гарады. У 1865 г. праз Лодзь прайшла чыгунка Варшава-Вена.
На пачатку ХХ ст. разбудоўваецца сетка чыгунак, Лодзь набывае непасрэднае злучэнне з нямецкімі гарадамі. З 1850 г. да Другой сусветнай вайны Лодзь была другім па памеры горадам Польшчы пасля Варшавы.
Падчас вайны насельніцтва горада скарацілася з 670 да 300 тысяч чалавек (забітыя габрэі, частка палякаў выселена немцамі; пасля вайны мясцовыя немцы з'ехалі ў Германію).
У другой палове ХХ ст. прамысловыя прадпрыемствы Лодзі ўвесь час мадэрнізуюцца. Аднак з прыходам капіталізму аказваецца, што яны неканкурэнтаздольныя на еўрапейскім рынку.

У канцы 80-х – пачатку 90-х г.г. ХХ ст. большасць тэкстыльных фабрык зачыняецца. Іх работнікі застаюцца беспрацоўнымі, а будынкі — пустымі.
Фотагалерэя старонкі
Тут вы можаце павялічыць фота і пабачыць больш фотаздымкаў, якіх не было вышэй