ЗАМЕЖНЫ ДОСВЕД. РЭВІТАЛІЗАЦЫЯ: ЛОДЗЬ У ПОШУКАХ НОВЫХ СЭНСАЎ
Цяпер у Лодзі няшмат дзейсных тэкстыльных прадпрыемстваў. Вялікае значэнне для гаспадаркі горада маюць новыя тэхналогіі, лагістыка, выраб побытавай тэхнікі. Працуе ўніверсітэт, які шмат робіць для прыцягнення студэнтаў-замежнікаў. Тут вучацца і беларусы. Паводле перапісу 2021 г., Лодзь — чацверты па колькасці насельніцтва горад Польшчы (пасля Варшавы, Кракава і Вроцлава).
Рэвіталізацыя: Лодзь у пошуках новых сэнсаў
Замест прамысловага горада Лодзь піярыцца як інавацыйны і крэатыўны асяродак з адсылкай да прамысловага мінулага. Прамысловая самаідэнтыфікацыя ладзян не знікае, а суіснуе паралельна з новым укладам.
Вялікую ролю ў фармаванні вобраза горада адыгрывае сучаснае мастацтва: дзейнічаюць шматлікія галерэі, некалькі музеяў.
У Лодзі захоўваюцца арыгіналы прац Марка Шагала. Горад мае ўласную кінашколу, бадай, найлепшую ў Польшчы: яе скончылі Анджэй Вайда, Кшыштаф Занусі і Раман Паланскі.
На дамах паўстаюць муралы, па іх нават створаны асобны турыстычны маршрут.

Сярод самых вядомых муралаў — выявы з чоўнам, сімвалам горада, і з Ведзьмаком, персанажам раманаў польскага пісьменніка Анджэя Сапкоўскага, а потым фільма, серыяла і кампутарных гульняў.
Сэрца Лодзі — вуліца Пётркоўская, большая частка якой — пешаходная. Дамы тут жылыя. На першых паверхах дзейнічаюць шматлікія кавярні, крамы, галерэі… Жыццё сапраўды віруе. У сезон тут шмат вулічных музыкаў.
У горадзе працуе пракат ровараў і электрасамакатаў. Запраўкі для іх — на сонечных акумулятарах.
У Лодзі шмат закінутых будынкаў, нават уздоўж галоўнай вуліцы. Прамысловыя комплексы ў ХІХ ст. змяшчалі выпадкова, не было як такога горадабудаўнічага плана. Цяпер іх паступова рэвіталізуюць, але частку індустрыяльных карпусоў у пачатку ХХІ ст. разбурылі.
Былыя прамысловыя аб'екты набываюць новыя функцыі, а часам і назвы. У экспазіцыі Музея тэкстыльнай прамысловасці можна прачытаць: «Рэвіталізацыя ў Лодзі рушыла на поўных парах, як калісьці прамысловасць. Сёння ўжо не ўсе ведаюць, што такое Monopol Spirytusowy альбо Poltex, але Monopolis ці Manufaktura — гучыць знаёма».
Высокія коміны, якія раней асацыяваліся з прамысловай магутнасцю горада і з багаццем уладароў фабрык, сёння пазначаюць арт-кластары. «Сутнасць польскага ўзору — у падтрымцы камерцыйнымі ўстановамі культурных феноменаў.
Гэта той выпадак, калі грошы, укладзеныя адной кампаніяй, пачынаюць прыцягваць у горад дадатковае фінансаванне з розных крыніц, якое накіроўваецца на іншыя тамтэйшыя праекты.

У выніку, горад паступова змяняе сваё аблічча і культурнае напаўненне» — зрабіла выснову журналістка газеты «Культура» Анастасія Панкратава пасля наведвання Лодзі ў 2017 г.

Прыгледземся да некаторых рэвіталізаваных прамысловых аб'ектаў Лодзі...
Фотагалерэя старонкі
Тут вы можаце павялічыць фота і пабачыць больш фотаздымкаў, якіх не было вышэй