Цэлы квартал будынкаў у неагатычным стылі абмежаваны вуліцамі Беластоцкай, Замбкоўскай, Непарэцкай і Маркоўскай. Пабудаваны як фабрыка гарэлкі ў 1895 – 1897 гг, Koneser перажыў найбольшы росквіт у міжваенны перыяд. Вытворчасць працягвалася і пазней, аж да 2007 г.
Потым некаторы час тут функцыянаваў арт-цэнтр кшталту мінскага "Корпуса". Цяпер ідзе рэнавацыя, у верасні плануецца адкрыць шматфункцыянальны жыллёва-офісны комплекс.
Фотагалерэя
Агенцтва ўжо прадае кватэры-лофты. Google плануе запусціць тут інкубатар ІТ-стартапаў.
Адзін з дамоў на плане будучага комплексу пазначаны як "будынак для дзяцей".
Акрамя таго, у квартале Koneser будзе працаваць гатэль, выставачны і канферэнц-цэнтры, офісы, рэстараны, бары, кавярні, крамы і… музей польскай гарэлкі.
Цэнтр для імпрэзаў і канферэнцый плануецца канцэптуальна назваць Bulelkownia ("Бутэлькоўня"). Частка будынкаў ужо функцыянуе.
Ад самага пачатку акрамя ўласна фабрыкі на тэрыторыі былі школа, кватэры, майстэрні, склады, кацельная, таму можна казаць пра пэўную пераемнасць.
Koneser цікавы яшчэ сваім размяшчэннем: ён знаходзіцца ў раёне Варшавы, які завецца Прага (не блытаць са сталіцай Чэхіі!). Назва паходзіць ад славянскага кораня, з якога і слова "пражыць", пазначае "выпаленае месца". У 1648 – 1791 гг варшаўская Прага была асобным горадам.
Тут захаваліся жылыя і прамысловыя будынкі мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, а таксама міжваеннага перыяду, у той час як цэнтр Варшавы амаль цалкам зруйнаваны падчас Другой сусветнай. Потым, праўда, адбудаваны і за якасць аднаўлення нават унесены ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO.
На Празе захоўваецца варшаўскі гарадскі фальклор і нават адмысловая гаворка. Апошнімі гадамі раён вельмі модны: тут шмат клубаў, галерэй, мастацкіх майстэрняў. Для Мінска гэта прыклад, як не-цэнтр можа прыцягваць жыхароў горада і турыстаў.
Фотагалерэя старонкі
Тут вы можаце павялічыць фота і пабачыць больш фотаздымкаў, якіх не было вышэй