ЯК ВЫГЛЯДАЕ РЫЖСКІ АНАЛАГ МІНСКАЙ КАСТРЫЧНІЦКАЙ: МУЗЕЙ ГЕТА ЗАМЕСТ СКЛАДОЎ
Часцей за ўсё на змену прадпрыемствам у прамысловыя будынкі прыходзяць арт-кластэры ці камерцыйныя праекты. Рыжскі квартал Спікеры, з аднаго боку, у трэндзе: тут ёсць і крамы, і кавярні, і канцэртная зала. Але Музей гета – усё ж не зусім тыповы для такіх месцаў аб'ект.

Наданне новага жыцця прамысловым будынкам – даўно не навіна. Зялёны партал ўжо пісаў пра такія праекты ў Эстоніі і Польшчы. Часта гэта архітэктура так званага "цаглянага стылю" ХІХ стагоддзя (і на мінскай Кастрычніцкай шмат такіх дамоў). Унутры – вялікія лофт-памяшканні, што дазваляюць як заўгодна фантазіраваць з планіроўкай.
Квартал Спікеры
Рыжскі квартал Спікеры знаходзіцца недалёка ад чыгуначнага і аўтавакзала. Знаёмы мінчукам антураж стварае лінія трамвая. Квартал забудаваны двух- і трохпавярховымі будынкамі з жоўтай, чырвонай і карычневай цэглы. Адзін з дамоў – аднапавярховы.
Як частка гістарычнага цэнтра Рыгі тэрыторыя Спікеры ўваходзіць у Спіс сусветнай спадчыны UNESCO. Дамы, якія можна пабачыць сёння, будаваліся ў другой палове ХІХ стагоддзя пад склады для грузаў далёкага прызначэння. Склады тут мясціліся і раней, мінімум 400 гадоў.
У 1903 і 1907 гг. у Рызе адкрылі новыя станцыі і квартал Спікеры страціў сваё ранейшае значэнне. Побач пабудавалі кірмаш і частка дамоў стала выкарыстоўвацца як склады для тавараў, частка стала жылымі, немала будынкаў знеслі, дзесьці працавалі крамы. Свой цяперашні выгляд Спікеры пачаў набываць толькі ў 2012 г. з ініцыятывы мэрыі Рыгі.
Кожны бізнэсовец можа арэндаваць тут памяшканне для камерцыйнай дзейнасці ці пад офіс. Некаторыя будынкі – цалкам офісныя. Тут можна знайсці салон кветак, стаматалогію, кандытарскія… Некалькі хораў маюць у Спікеры рэпетыцыйную базу. Дзейнічае канцэртная зала.
У цёплы час года два разы на месяц па суботах у квартале разгортваецца барахолка. Арганізатары, заклікаючы яго наведаць, называюць сярод прычын і экалагічныя: магчымасць даць рэчам другое жыццё. Акрамя таго, на вольным паветры ў Спікеры праходзяць канцэрты, паказы кіно, выставы.
Бадай, самы цікавы аб'ект Спікеры – Музей гета і халакосту ў Латвіі. У яго, дарэчы, дармовы ўваход, можна зрабіць ахвяраванне ў скрынку ці набыць за адвольны кошт свечку і паставіць яе на ўспамін загінулых габрэяў.
Інфармацыя пра музей раздрукаваная на стэндах пры ўваходах, на асноўных міжнародных мовах і, вядома ж, па-латышску. Музей адкрыўся ў 2010-м, яшчэ да пачатку рэканструкцыі іншых будынкаў Спікеры.
Гета падчас Другой сусветнай вайны знаходзілася недалёка, у Маскоўскім фарштадце, які таксама можна паглядзець. Камяні з маставой адтуль перанесены ў музей, дзе створана "вуліца Рыжскага гета". Са стэндаў на ёй можна даведацца аб сінагогах, равінах, вядомых габрэях, габрэйскай адукацыі ў Латвіі. Найбольш інфармацыі, канечне, пра час вайны.
Працуюць выставы ў памяшканнях, а таксама ў вагоне, што сімвалізуе дэпартацыю габрэяў з Нямеччыны ў Рыгу для забіцця. У выставы лаканічная назва "Берлін – Рыга. Білет у адзін бок". З гета перанесены драўляны дом, пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Яго плошча 120 м2.
У часы гета там жыло каля 30 чалавек. У экспазіцыі можна пабачыць макеты латышскіх сінагог і прадметы, якімі карысталіся насельнікі гета. На другім паверсе ўзноўлены інтэр'ер кватэры з мэбляй даваеннага і ваеннага перыядаў.
Каля дома створана плошча габрэйскіх сімвалаў, а на ёй – скульптура "Дрэва надзеі". Тут жа можна паставіць свечы ці пакласці камяні ў памяць ахвяр Халакосту.
Дзейнічаюць таксама выставы пра генацыд цыганоў падчас Другой сусветнай вайны, армянскі генацыд у Асманскай імперыі ў 1915 – 1923 гг., пра лёс габрэяў з Чэхіі, транспартаваных у Рыгу.
Кожны раз, бачачы чарговы праект рэнавацыі прамысловых тэрыторый, чакаеш ужо звыклага, а атрымліваеш цікавосткі. Такія кварталы ажыўляюць гарадское жыццё і становяцца атракцыямі для турыстаў. А таксама радуюць урбаністаў ды эколагаў!
Фотагалерэя старонкі
Тут вы можаце павялічыць фота і пабачыць больш фотаздымкаў, якіх не было вышэй