Атамная катастрофа паўплывала не толькі на фізічны, а і на культурны ландшафт Палесся: пакінутыя і "закапаныя" вёскі, змоўклі песні, няма каму праводзіць спрадвечныя абрады… Яшчэ з ХІХ стагоддзя паўднёвая Беларусь вабіла навукоўцаў багаццем фальклору. З 1970-х палескія матэрыялы сталі асновай для работ прадстаўнікоў маскоўскай этналінгвістычнай школы: абароненыя шматлікія дысертацыі, складзены слоўнік "Славянскія старажытнасці". Але пасля 1986 года экспедыцыі на Палессе масквічы больш не ладзяць: праз выезд насельніцтва складана ўзнавіць першапачатковыя арэалы распаўсюджвання праяў традыцыйнай культуры.
Яе знікненне і трансфармацыя пасля Чарнобыля – гэта бяда не толькі даследчыкаў, а ў першую чаргу саміх жыхароў забруджаных тэрыторый.
Напрыклад, спявачка і казачніца Марыя Фядотаўна Вялічка казала Святлане Алексіевіч: "Час такі надышоў, што бяда гоніць са сваёй зямлі. Такой бяды і ў казках няма, я не ведаю.
На Вербніцу вярбу я заўсёды рвала. Бацюшкі няма, так я хадзіла да ракі і там сама свяціла. На браму ставіла. У хату ўносіла, хораша прыбірала. Панаторкаю ў сцены, дзверы, столь, пад дах пакладу. Хаджу і прыказваю: "Каб ты, вербачка, выратавала маю кароўку. Каб жыта ўрадзіла і былі яблыкі. Кураняты выводзіліся і гусакі несліся". Трэба так хадзіць і доўга прыгаворваць".
Жыхарка вёскі Амяльное Варвара Аляксандраўна Грэцкая, калі адсяліліся амаль усе суседзі, здзяйсняла абрад ваджэння і пахавання стралы, што патрабуе масавасці, выхаду ўсёй вёскі на вуліцу, удвох з сяброўкай:
"Два двары засталось. Я была да Ляксаніха. Яна прыходзя: "Сабірайся! Пашлі!" — "Куда?" — "Ушэсце! Давай пайдзём ка мне і пойдым". Яна там пад край жыла. Ідом скрозь сяла. Туды пройдыма. І адтуль пройдыма. І шпыльку бярэ ці яна, ці я. Закапаім у зямлю. Удзвёх. А Валодзька, іе сын, дак ён і гаворя: "Дзве бяспутных. Ну, куды вы пойдзіця? Удзвёх толькі". А яна: "Мы пець умеім. І пойдым. Не тваё дзела!" І ўдзьвёх вадзілі" – распавядала жанчына даследчыку Генадзю Лапаціну.
Перасяліўшыся ў Ветку, калі прыходзіць час (на Ушэсце, праз 40 дзён па Вялікадні), Варвара Аляксандраўна папросту пяе сама сабе на падворку, каб хоць неяк адзначыць свята:
"Я на Ушэсця прапяю… я выду на лавачку... Ета Божжы празнік, я іго любіла, пець любіла, на лавачцы сяду, ціхінька села, і прапела, і вазьму што-нібудзь закапаю у "Стряле". І прайду, хоць з кастылём. На вуліцу ўжо ні выхожу. Гаворяць, дзелай усё, што можыш".
Заціханне песень, "маўчанне" наваколля – вялікая трагедыя для носьбітаў традыцыйнай культуры. Узніклі адмысловыя "чарнобыльскія" галашэнні кшталту тых, што выконваюцца на пахаваннях. Галашэнне – гэта "легальны", культурна прыняты шлях эмацыйна выплеснуць сваё гора.
Акрамя смерці чалавека маглі галасіць таксама па карове і пасля пажару (магчыма, таму, што страта каровы і пажар наносілі ва ўяўленні сялян аднолькава вялікі ўрон гаспадарцы), на вяселлі і па рэкруце (у абодвух выпадках блізкага чалавека праважалі "ў чужую старану").
У "чарнобыльскіх" галашэннях выканаўцы скардзяцца, што на гуканне вясны не чуваць у адказ песень ад іншых гуртоў, шкадуюць лес, які "стаў чорненькім", бядуюць аб спусценні вёсак.