Са мной звычайна хадзіла два–тры вопытныя танцоры, якія могуць навучыць нашым беларускім танцам альбо сярэднявечным еўрапейскім. Яны паказвалі рухі і жыхары двароў вельмі хутка далучаліся.
Я быў вельмі задаволены, што шмат людзей ужо ведала пра дуду. Яны ведалі, што ёсць такі інструмент, але жыўцом з ім не сустракаліся.
У тых дварах, дзе пра дуду не ведалі, я тлумачыў, што гэта наш нацыянальны інструмент, ён вельмі стары, у яго ёсць свая беларуская традыцыя.
Шмат хто здзіўляўся: "У, гэта наш…" Я даваў трошку інфармацыі, што ў дуды глыбокая гісторыя, што яна вядома з Сярэднявечча, захаваліся крыніцы, што ў свой час інструмент быў вельмі папулярны, потым на дуду забыліся...