Учора – цэх, сёння – ЦЭХ
Як архітэктары і ўрбаністы даюць новае жыццё старым прамысловым будынкам
Развіццё заняпалых прамысловых тэрыторый урбаністы называюць адной з ключавых праблем Мінска. Па некаторых ацэнках, такія тэрыторыі займаюць каля траціны тэрыторыі горада, што значна перавышае паказчыкі іншых еўрапейскіх сталіц (5–6 % плошчы).

У той жа час інтарэсу да рэканструкцыі прамысловых будынкаў для надання ім новай функцыі ў Мінску менш, чым у суседніх краінах. Пра падобныя праекты ў абласных і раённых гарадах Беларусі амаль не чуваць.

Была спроба ўратаваць будынак хлебазавода ў Магілёве і адкрыць там культурніцкую прастору. Але ў выніку завод усё роўна знеслі.

У гэтым спецыяльным праекце Зялёны партал нагадвае аб нешматлікіх прамысловых кварталах Мінска, якія набылі новую функцыю, і расказвае пра праекты такога кшталту ў іншых краінах.

*Матэрыялы створаныя ў 2018–2024 гадах.
ІНТЭРВ'Ю і навігатар

«Рэнавацыя, рэканструкцыя са зменай функцыі ці рэвіталізацыя – гэта вельмі добрыя практыкі пры ўсвядомленым падыходзе»

Практыку надання новых функцый прамысловым будынкам мы папрасілі пракаментаваць экспертку з Менскай гарадской урбаністычнай платформы Марыю
– Чым адрозніваецца практыка змены прызначэння прамысловых будынкаў у Беларусі і за мяжой?

– У планіровачнай структуры беларускіх гарадоў такая асаблівасць, што прамысловыя будынкі, прамысловыя зоны займаюць вельмі вялікую плошчу. На Захадзе па многіх прычынах, напрыклад, з-за састарэлых тэхналогій або неадпаведнасці будынкаў новым эксплуатацыйным патрабаванням да прамысловых вытворчасцяў ужо немэтазгодна выкарыстоўваць індустрыяльную забудову ў цэнтры горада адпаведна з яе першаснай функцыяй.

Больш выгадна вынесці прамысловую вытворчасць за межы горада ці нават у іншыя краіны, дзе больш танная працоўная сіла. У Беларусі іншая эканамічная сітуацыя, у большасці прамысловых будынках працягваецца вытворчасць, таму не так шмат архітэктурных аб'ектаў змяняюць функцыі.
– А калі прамысловыя памяшканні ўсё ж пустуюць, то іх хіба часцей здаюць у арэнду, а не прадаюць? Мабыць, людзі проста баяцца ўкладаць вялікія грошы ў будынкі, якія заўтра могуць забраць, таму не праводзяць грунтоўных рэканструкцый?

– Ва ўмовах нестабільнай эканомікі і агульнай сітуацыі ў краіне ўкладваць вялікія фінансавыя сродкі ў набыццё нерухомай маёмасці або рэканструкцыю старога фонду не заўсёды магчыма і апраўдана. У нашых умовах, калі нерухомасць потым могуць забраць, больш мэтазгодна яе арандаваць і не ўкладаць сродкі ў рэвіталізацыю.

У Беларусі ёсць неўпэўненасць што да ўкладання грашовых сродкаў. Гэта, магчыма, стрымлівае інвестараў.
– А навошта ўвогуле змяняць функцыю будынкаў? Іх жа тэарэтычна можна проста знесці і пабудаваць на гэтым месцы з нуля ўсё, што трэба.

– Наогул рэнавацыя, рэканструкцыя са зменай функцыі ці рэвіталізацыя – гэта вельмі добрыя практыкі пры ўсвядомленым падыходзе. Такім чынам захоўваецца ўжо сфармаваная архітэктурна-планіровачная структура раёна, адметнасці будынка. Але не заўсёды гэта да месца.

Да працэсу рэнавацыі трэба падыходзіць індывідуальна. Можна спачатку ацаніць каштоўнасць прамысловага будынка, яго архітэктурна-мастацкія якасці, планіровачныя асаблівасці. І тады можна казаць пра розныя групы архітэктурных аб'ектаў.
Група з высокімі, ярка выяўленымі архітэктурна-мастацкімі якасцямі – гэта, напрыклад, будынкі з фасадамі, якія варта захаваць. Часам будынак каштоўны сваімі сувязямі з навакольным асяродкам, ці сваёй гісторыяй, ці нейкімі архітэктурнымі дэталямі, ці кампазіцыйнай значнасцю, на якія варта зрабіць акцэнт падчас рэнавацыі.

Калі мы будзем мяняць функцыю такіх будынкаў, то пажадана захаваць іх архітэктурна-планіровачную структуру і візуальны складнік. Мне здаецца, большы патэнцыял мае рэканструкцыя будынка са зменай функцыі, чым проста кансервацыя.
Ёсць яшчэ будынкі, якія не маюць выбітных архітэктурна-эстэтычных якасцей, малавыразныя, не звязаныя шчыльна з асяродкам, напрыклад, пабудаваныя ў перыяд эканоміі рэсурсаў. Тады можна інакш падыходзіць да іх рэнавацыі, моцна змяняць іх візуальнае аблічча, вырашаць, што захоўваць, а што – не.

Можна знайсці такія асаблівасці ў прамысловага будынка, якія можна захаваць ці на якія звярнуць увагу пры рэканструкцыі, – напрыклад, развітыя інжынерныя камунікацыі, незвычайны індустрыяльны ландшафт, транспартная даступнасць, высокі ўзровень лакальнай ідэнтычнасці і гісторыя месца.
– Уявім сабе, што ў Беларусі змянілася эканамічная (а можа не толькі эканамічная) сітуацыя. Зачынілі неэфектыўныя мерапрыемствы. Засталося шмат прамысловых будынкаў. Што з імі ўсімі рабіць?

– Істотна выбудаваць стратэгію работы з такімі прасторамі. Рэнавацыя такіх вялікіх аб'ектаў павінна быць комплекснай. Важна ўлічваць патэнцыял гэтых месцаў, патрэбы гарадскіх жыхароў і мясцовых супольнасцей. Можна вызначыць патэнцыяльныя функцыі для такіх аб'ектаў у будучыні – культурныя, гандлёвыя, адукацыйныя, офісныя прасторы…

Пачаць з аналізу горадабудаўнічай сітуацыі, якая склалася, патэнцыялу будынкаў, перайсці да аналізу патрэбаў людзей – што ў гэтым месцы магло б быць актуальна. Далей распрацоўваюцца канцэпцыі пераўтварэння.
Трэба абавязкова супрацоўнічаць з усімі зацікаўленымі актарамі: і з органамі мясцовай улады, і з інвестарамі, і з архітэктарамі, і з мясцовай супольнасцю.

Потым думаць, як прыцягнуць сродкі і як зацікавіць патэнцыйную аўдыторыю. Падумаць таксама пра ўстойлівасць, як праект будзе развівацца пасля рэнавацыі. Істотная таксама энергаашчаджальнасць, эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў.
– Як вы мяркуеце, ці карысталіся б у беларусаў попытам прамысловыя памяшканні, пераробленыя на кватэры?

– Мне здаецца, такія праекты патрабавалі б вельмі вялікіх грашовых укладанняў. Прамысловы будынак ад пачатку не прызначаны для пражывання, там неабходна зрабіць поўную рэканструкцыю, каб можна было жыць: уцяпляць, цалкам мяняць планіроўку.
Хутчэй за ўсё гэта будзе вельмі дорага, бо да жытла вышэйшыя патрабаванні па камфорце, чым да грамадскіх будынкаў. Каб жытло адпавядала ўсім нормам, у яго трэба ўкласці вельмі шмат грошай.

Мне здаецца, у выніку гэта будзе эканамічна немэтазгодна. Але вядома, маглі б атрымацца цікавыя праекты!

– Ці маглі б вы прывесці нейкія прыклады ўдалай, на ваш погляд, рэнавацыі прамысловых будынкаў у Беларусі і за мяжой?

– Калі мы кажам пра Мінск, то, акрамя вядомых карпусоў «Гарызонту», К21, вуліцы Кастрычніцкай, «Лепшай вуліцы» на заводзе «Луч», можна ўзгадаць раён прамысловых будынкаў на плошчы Якуба Коласа.

Там цяпер ідзе рэканструкцыя. Плануюць зрабіць шматфункцыянальныя комплексы. Такія будынкі, безумоўна, трэба захоўваць. Ёсць таксама малавядомае месца ў памяшканнях былога эксперыментальна-фурнітурнага завода недалёка ад Камароўскага рынка, на перакрыжаванні вуліц Веры Харужай і Максіма Багдановіча. Рэнававалі адзін з карпусоў са зменай функцыі пад офісную, у іншым будынку адкрылі бар «Малады».
Што да замежжа, акрамя прыкладаў, якія прыводзяцца ў гэтым праекце Зялёнага партала, мне падабаюцца рэканструкцыі, калі бачная гісторыя будынка. У Клайпедзе ёсць квартал па вуліцы Naujoji Uosto каля порта, з былых службовых партовых будынкаў.

Цяпер там культурны кластэр з месцамі для імпрэз, з рэстаранамі. У Вільні ёсць клуб «Loftas», які раней быў цэхам завода радыёэлектронікі.
У такіх месцах адчуваеш дух гісторыі, разумееш, куды ты трапіў, як гэта ўсё раней працавала. Мне падабаецца, калі захоўваюць нейкія старыя элементы, якія дазваляюць параўнаць «тады» і «цяпер».

У Мадрыдзе, напрыклад, ёсць тытунёвая фабрыка, якую перарабілі ў галерэю сучаснага мастацтва «Tabacalera Art Promotion». Але каб паказаць гісторыю будынка, пакінулі старыя ўмывальнікі для рабочых. Выглядае вельмі эфектна.
– А ці вядомыя вам прыклады ўдалай рэнавацыі прамысловых будынкаў у Беларусі па-за Мінскам?

– Я чула аб прасторы «Wega Social Club» у Лідзе. Раней там был бетонны вузел. А цяпер адрамантавалі будынак і зрабілі культурны хаб. З'явіўся інвестар, які ўкладае ў гэта месца грошы, ужо праходзяць імпрэзы. Але ўсё яшчэ ў працэсе развіцця.

Ёсць такія месцы ў Гародні. У будынку фабрыкі пальчатак «Акцэнт» зроблена грамадская прастора. Там былі вытворчыя памяшканні, прахадная, сталовая.

А цяпер – офісы, кавярня, студыі, прасторы для імпрэз. Таксама ў Гародні, у будынках складоў тытунёвай фабрыка Шарашэўскага, зрабілі офісы і прасторы для мерапрыемстваў некамерцыйных арганізацый.